03.05.2024 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" трэцяга траўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць гродзенскіх сясцёр, якія праз балоты збягалі з краіны, распачалі спецвытворчасць

Следчы камітэт паведамляе, што Надзеі Сцепанцовай і Жанне Захаркевіч інкрымінаваная ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.

У 2021-ым годзе сясцёр асудзілі да «хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня 2020 году ў Гродне. Пасля прысуду яны вырашылі з'язджаць з краіны — Жанна і Надзея 12 гадзін ішлі па лесе і дрыгве ў бок Літвы. Потым жанчыны трапілі ў фільм Юрыя Дудзя, дзе расказалі пра свае ўцёкі — яго паглядзелі больш за 10 мільёнаў чалавек.

Cпецвытворчасць распачалі і супраць сузаснавальніц мінскага стартап-хаба «Імагуру» 

Таццяне Марыніч і Анастасіі Хамянковай інкрымінаваныя па 9 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Іх запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінску.

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да актывіста Ежы Грыгенчы — яго збіраюцца судзіць завочна

53-гадоваму Ежы інкрымінаваныя ч. 1 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі).

Мужчыну запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК па Гродзенскай вобласці.

Сілавікі затрымалі жыхара Мінска за ўдзел у пратэстах

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што ў жніўні 2020-га года некалькі разоў удзельнічаў у мітынгах у раёне стэлы і парка Перамогі.

Крыніца: Супраць пяцёх чалавек распачалі спецвытворчасць: хроніка пераследу трэцяга траўня