Наваполацкага лекара-стаматолага Аляксандра Грудніцкага двойчы асудзілі на 15 сутак, ягоную жонку двойчы аштрафавалі. Сям“ю затрымалі 16 жніўня, калі Грудніцкія вярнуліся з замежнага падарожжа. На наступны дзень адбыліся суды: суддзя Наваполацкага гарадскога суду Зінаіда Балаболава прызнала Аляксандра Грудніцкага вінаватым паводле ч.1 арт. 24.23 КаАП і вынесла пастанову пра арышт на 15 сутак. Аллу Грудніцкую суддзя Балаболава аштрафавала на суму 1110 рублёў паводле ч.2 арт 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі». І пастанавіла накласці арышт на два мабільныя тэлефоны ў якасці закладу.

Да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу асуджаны Сяргей Белагалоў, цяпер ужо былы кіраўнік справамі Шумілінскага райвыканкама. Яго справу разбірала старшыня Шумілінскага райсуда Інна Грабоўская. 10 жніўня 2023г. былы чыноўнік прызнаны вінаватым паводле ч.2 арт. 428 Крымінальнага Кодэкса ( невыкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў і недобрасумненнае стаўленне да працы, якія прывялі да смерці чалавека па неасціярожнасці).

Апублікавана ў Дзяржава