Пятніца, 28 Ліпень 2023

Наваполацкія ўлады пакаралі арыштам мясцовага жыхара за расклейку антываенных улётак з выявай Пуціна

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 11 ліпеня за праведзены без дазволу ўладаў пікет пастанавіла арыштаваць на 15 сутак механіка ўстаноўкі ААТ "Нафтан" Іллю Двойрына. Аднак у судовае паседжанне мужчына не з'явіўся, завочна віну прызнаў, хадайнічаў аб разглядзе адміністрацыйнай справы ў яго адсутнасць.

У судзе быў агучаны змест пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзены ў мясцовым аддзяленні ў міліцыі, у якім «правапарушальнік» распавёў пра тое, што ён увесну 2023 года вырабіў улёткі з выявай прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку.

Тым самым, на думку суддзі Балаболавай, Ілля, без адпаведнага дазволу Наваполацкага гарвыканкама, правёў «несанкцыянаванае пікетаванне, выказваючы грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя інтарэсы, шляхам размяшчэння ўлёткі з выявай Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Пуціна У.У. і тэкстам на палітычную тэматыку».

Таму, суддзя на падставе ч.1 арт.24.23 КаАП падвергла Двойрына да адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе арышту тэрмінам на пятнаццаць сутак, і тэрмін адбыцця арышту трэба будзе вылічваць з даты яго фактычнага затрымання.

Людміла Радніна