Субота, 04 Май 2024

За фатаграфію бюлетэняў для галасавання ўлады аштрафавалі інваліда

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук 5 красавіка за парушэнне заканадаўства аб выбарах - фатаграфаванне бюлетэняў для галасавання, аштрафавала на 160 рублёў грамадзянку Расіі інваліда трэцяй групы работніцу ПУП "Элект" ГА "БелТІЗ" Таццяну Лапавухаву. Адміністрацыйная справа паступіла ў суд ад начальніцы аддзела арганізацыйна-кадравай работы адміністрацыі Першамайскага раёна Вольгі Домкінай.

У судовым паседжанні быў зачытаны пратакол, з якога вынікала, што падчас датэрміновага галасавання ў кабінцы для галасавання Таццяна зрабіла фотаздымку на свой мабільны тэлефон трох запоўненых ёю бюлетэняў для галасавання за дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў. Тым самым жанчыны парушыла ч. 10 ст. 52 Выбарчага кодэкса, згодна з якой выбаршчыку забараняецца ажыццяўляць фота- і відэаздымку запоўненага бюлетэня.

У судовым паседжанні «правапарушальніца» віну  прызнала цалкам і патлумачыла, што сфатаграфавала бюлетэни, каб у далейшым вывучыць інфармацыю аб кандыдатах. У зробленым шчыра раскаялася.

З улікам усіх абставін справы суддзя Жук на падставе арт. 10.9 КаАП падвергла Лапавухаву адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафу ў даход дзяржавы на суму сто шэсцьдзесят рублёў.

Святлана Грушкіна