Спадарыня Ганна даўно жыве ў замежжы, і пра тое, што на яе дом у мястэчку Варапаева, накладзены арышт, яна даведалася ад знаёмых землякоў. Для жанчыны гэта не стала навіной, бо яна ведае, што супраць яе распачатыя некалькі крымінальных справаў, у тым ліку з абразу Лукашэнкі.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук 19 красавіка за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу, ў межах ч.1 арт.435 КК, прыгаварыла да пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тэрмін 1 год беспрацоўнага Кірыла Астроўскага. Таксама суддзя абавязала маладога чалавека ў свабодны час выканаць грамадска карысныя працы ў аб'ёме ста гадзін і заплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 1200 рублёў.

Ксяндзу Анджэю Юхневічу прысуджаны арышт на 15 сутак, ксяндзу  Паўлу Лемеху – на 1- сутак. Інфармацыю пра гэта падала Курыя Віцебскай дыяцэзіі , заклікаўшы вернікаў падтрымаць асуджаных святароў у малітве, «каб Дух Святы даў ім неабходныя сілы і ўзмацніў у гэтым выпрабаванні». Падставаў, паводле якіх асудзілі святароў з парафіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, не паведамляецца.

Прычына – пазыкі па падатках і штрафах, прысуджаных віцебскай актывістцы. Агульная сума, якую Алена Янушкоўская не выплаціла дзяржаве, складае 1436 рублёў 60 капеек. Хату, якая знаходзіцца ў вёсцы Суйкава за 3 км ад Віцебска, збіраюцца прадаць за 10 700 рублёў.  На думку актывісткі, гэты кошт, прапанаваны БТІ, проста смешны: 20 гад таму жанчына набывала гэтую маёмасць з 9 тысяч даляраў. Аўкцыён па продажы маёмасці Янушкоўскай прызначаны на 30 траўня.

Аляксандр Корнышаў, рэдактар інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news», атрымаў з аддзела міліцыі Першамайскага раёна дзве позвы ў суд – на 16 і на 20 траўня. Яго прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП – за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Паводле высноваў міліцыі, віна Аляксандра Корнышава палягае ў тым, што на сваёй старонцы у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» ён размяшчаў спасылкі на матэрыялы рэсурсу, якім ён кіруе. Тады як  сайт «Витебский курьер news» ўжо больш як два гады таму прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».