Пятніца, 10 Май 2024

Расеец не змог купіць аўтамабілі ў беларуса. Апошні запатрабаваў распіску, што аўтамабілі не будуць адпраўленыя на так званую СВА

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У базе зваротаў у КДБ за 2023 год знаходзіцца данос грамадзяніна Расеі Андрэя Кісялёва на жыхара Віцебшчыны Змітра. Расеец піша, што з'яўляецца валанцёрам і разам са сваёй жонкай Таццянай Кісялёвай удзельнічае ў так званай СВА. Яны дапамагаюць сваёй працай, абмундзіраваннем, тэхнікай, запаснымі часткамі расейскім вайскоўцам.

На сайце па продажы аўта Avito, Андрэй Кісялёў знайшоў аб'яву па продажы спісанай ваеннай тэхнікі, а менавіта; БАЗ-АСА, І УРАЛ-лазня. Ён стэлефанаваўся з прадаўцом, які прадставіўся Змітром, які сказаў, што мае майстэрню ў горадзе Горкі.

Расеец з беларусам абмеркавалі кошт і дзень прыезду. У канцы чэрвеня 2023 года Кісялёў са сваёй жонкай і кіроўцам Віктарам прыбыў у г. Горкі ў Беларусь. Ён паглядзеў тэхніку і дамовіўся ўвечары пасля працы абмеркаваць каля дома Змітра ўмовы здзелкі.

Як піша расеец у даносе, яны сустрэліся ўвечары і той распавёў Змітру аб тым, што ён з жонкай валанцёрыць і ўдзельнічае ў так званай СВА. Паводле яго слоў, Зміцер на гэтую інфармацыю адрэагаваў нядобразычліва і заявіў, што прэзідэнт Расеі Пуцін - забойца, а Лукашэнка - вораг свайго народа, і што іх абодвух неабходна расстраляць. Таксама заявіў, што ўкраінцы абараняюць свой дом і сваю Радзіму ад расейцаў. Таксама Зміцер казаў, што народ Беларусі не падтрымлівае Лукашэнку і ў выпадку ўцягвання рэспублікі ў канфлікт, беларусы будуць прымаць удзел у канфлікце на баку ВСУ супраць расейцаў.

“Гэтак жа казаў, што ў рэспубліцы няма свабоды слова, нельга правесці гей парад і нёс іншую лухту. Адным з патрабаванняў Змітра, была распіска, якую я павінен быў яму напісаць, а менавіта: аўтамабілі не будуць адпраўленыя ў зону СВА. Я яму ў распісцы адмовіў”, - паведамляе расеец Андрэй Кісялёў у сваім даносе ў КДБ.

Такім чынам здзелка не адбылася, і расейцы паехалі дадому.

Але гэтая сітуацыя так кранула Кісялёва, што ён вырашыў напісаць данос на беларуса ў КДБ, каб ён учыніў праверку дзейнасці Змітра і яго выказванняў супраць улады Беларусі і Расеі.

Алена Шутава