Пятніца, 10 Май 2024

У дзіцячы садок запрасілі ветэрана, але не вайны. І зладзілі «святкаванне»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Пра ўрачыстае мерапрыемства да Дня перамогі, якое зладзілі ў віцебскім дзіцячым салку №14 «Верасок», распавяла газета «Витьбичи». Дашкольнікаў апранулі ў «вайсковую» форму, запрасілі да іх ўдзельнікаў вайскова-патрыятычнага клуба і кінолага з сабакам, накармілі «салдацкай кашай». Адным словам, усе належныя атрыбуты святкавання прысутнічалі, у тым ліку абавязковы ўдзел ветэрана – Льва Мікалаевіча Ягорава. Газета падкрэслівае ягоны ветэранскі статус, але маніпулюе сапраўднымі звесткамі, фактычна падманвае чытачоў.

Справа ў тым, што Л.М.Ягораў – ветэран працы, а не вайны. А яшчэ ён малалетні вязень--  адпаведна, браць удзел у Другой Сусветнай вайне ён не мог у сілу ўзросту.  Але гарадская дзяржаўная газета ўпарта сцвярджае, што ён «ветэран», які перажыў нягоды нялёгкага часу. І гэта насамрэч так. Але чаму б не расказаць усю праўду пра чалавека, які насамрэч заслугоўвае павагі? Ці слова «ветэран» падаецца аўтарам больш гераічным?

«У детей обязательно должны быть герои и идеалы, которыми они будут гордиться. Наши ветераны, современные военнослужащие, которые стоят на защите рубежей страны, – вот тот пример, на который должно равняться подрастающее поколение», - сказала загадчыца дашкольнай дзіцячай установы Алена Здзесева. І яна мае рацыю. Але, каб выхаваць павагу да герояў і гонар за іх, пра гэтых людзей трэба гаварыць праўду.  Няма яснасці, як прадстаўлялі Льва Мікалаевіча выхаванцамдзіцячага садка, але ў газетным артыкуле ні слова не сказана пра тое, як госць дашкольнікаў стаў малалетнім вязнем, ці быў ён у канцлагеры і ў якім, дзе працаваў у сталым узросце, атрымаўшы званне ветэрана працы.

Алег Бяляеў