Пятніца, 10 Май 2024

Двух ксяндзоў, затрыманых 8 траўня ў Шуміліне, вінавацяць у «дыверсійнай» або «экстрэмісцкай» дзейнасці

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ксяндзы Анджэй Юхневіч і Павел Лемех Ксяндзы Анджэй Юхневіч і Павел Лемех

Такую інфармацыю апублікавала кіраўніцтва ордэна аблатаў, да якога належаць  ксяндзы Анджэй Юхневіч і Павел Лемех.Прэс-сакратар польскай правінцы місіянераў аблатаў айцец Павел Гамуляк паведамляе, што прычынай затрымання стала «dywersyjna działalność». Гэтыя словы можна перакласці і як   «дыверсійная», і як «экстрэмісцкая» дзейнасць. Ксяндзоў шумілінскай парафіі затрымалі 8 траўня пасля святарскай сустрэчы ў касцёле Божай Маці Фацімскай.

Ксёндз Анджэй Юхневіч з'яўляецца старшынём каардынацыйнай групы настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі.

«Манахіні разам з а. Анджэем Юхневічам ОМІ разважалі над тым, як плённа жыць Божым словам у штодзённым жыцці і як па прыкладзе Найсвяцейшай Марыі дазволіць Божаму слову, каб яно нас фармавала», -- паведамляе catholicnews.by.

«На пачатку ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну ксёндз Анджэй Юхневіч OMI, настаяцель Місіі аблатаў у Беларусі, публічна выказаў салідарнасць з украінскім народам, просячы аб малітве за хутчэйшае заканчэнне вайны», - гаворыцца ў паведамленні кіраўніцтва ордэна аблатаў.

Афіцыйных звестак пра тое, у чым вінавацяць святароў, няма. У сённяшнім раскладзе судоў на 13.30 па бел.часе іхных прозвішчаў няма.

Ігар Палякоў