Субота, 27 Красавік 2024

У Глыбокім зноў новы начальнік РАУС

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

26 красавіка ў Глыбоцкім райвыканкаме адбылося прадстаўленне Дзехцяра, новага кіраўніка Глыбоцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. Чарговы раз на гэтую пасаду прызначаюць не мясцовага чалавека. Яго папярэднік палкоўнік міліцыі Сяргей Стэльмах адпрацаваў там толькі паўтары гады. Аб прызначэнні паведаміў начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама генерал-маёр міліцыі Андрэй Любімаў.

Прызначэнне Ігара Дзехцяра на пасаду начальніка Глыбоцкага РАУС зацверджана загадам Міністра ўнутраных спраў.

Паводле Андрэя Любімава, работа праваахоўных органаў павінна ісці ў кантэксце праведзенага Усебеларускага народнага сходу.

Ігар Дзехцяр выказаў падзяку за давер і запэўніў кіраўніцтва Глыбоцкага раёна, што будзе рабіць усё магчымае для паляпшэння сітуацыі з забеспячэннем правапарадку ў раёне:

Мая мэта - забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне аддзела, падтрымліваць парадак і бяспеку ў Глыбоцкім раёне. Будзем працаваць разам, з павагай да кожнага супрацоўніка і з разуменнем мэт і задач, пастаўленых перад усім аддзелам.

У адрас новага назначэнца выказаўся і старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі:

Ваша прызначэнне - гэта важны момант як для нашага раёна, так і для нашага грамадства ў цэлым. Вы ўзялі на сябе значную адказнасць за падтрыманне закону, гарантаванне бяспекі і абарону грамадзян. Ваша роля вельмі важная, і ваша лідарства будзе вызначаць наш агульны напрамак працы. Давяраем вашым прафесійным якасцям, ведам і вопыту. Упэўненыя, што ваша кіраўніцтва прынясе поспех аддзелу. Будзем падтрымліваць вас ва ўсіх вашых пачынаннях, і будзем рады высокім ацэнкам вынікаў вашай працы.

А глыбачанам застаецца толькі спадзявацца на тое, што ў краіне, у якой яе кіраўнік кажа, што цяпер не да законаў, хоць на мясцовым узроўні міліцыянты на чале з яго новым кіраўніком пачнуць сапраўды выконваць законы і гарантаваць бяспеку і абарону грамадзянам, а не служыць лукашэнкаўскаму рэжыму.

Для даведкі: Ігар Дзехцяр нарадзіўся 22 чэрвеня 1984 года ў в. Таргуны Докшыцкага раёна. Скончыў у 2005 годзе Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Службу з 2005 года да гэтага часу праходзіў у Докшыцкім РАУС. У студзені 2020 года прызначаны першым намеснікам начальніка таго ж РАУС.

Юры Святочны